ЖО́ДЗІШКАЎСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у 1709—73 у в. Жодзішкі. У 1708 уладальніца Жодзішак Барбара Мінкевіч ахвяравала езуітам 6 вёсак. Спачатку калегіум размяшчаўся пры парафіяльным касцёле св. Тройцы, з 1727 пры новым касцёле св. Іуды Фадзея. У 1745 пры ім адкрыта муз. бурса, у 1767 — аптэка. У 1757—70 пабудаваны новы вучэбны корпус. Да 1762 калегіум узначальвалі віцэ-рэктары, потым — рэктары. Праграма была традыцыйнай для езуіцкіх калегіумаў, з 1770 выкладаліся таксама ням., франц. мовы, матэматыка. Пасля скасавання ордэна езуітаў пераабсталяваны пад сядзібу новых гаспадароў Жодзішак Ласкарысаў.
т. 6, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)